У Шаркаўшчыне да Дня энергазберажэння правялі гульнявую праграму

Адкрыты ўрок у Шаркаўшчыне

Звычку эканоміць цяпло, святло і ваду  патрэбна выхоўваць у дзяцей з самага ранняга ўзросту, лічаць эксперты. Для гэтага яны прапануюць распрацоўваць і ўкараняць спецыяльныя гульні для маленькіх дзяцей, вучэбныя дапаможнікі для сярэдніх і старэйшых класаў, уносіць дапаўненні на ўроках фізікі, хіміі і АБЖ і праводзіць конкурсы на лепшы праект па энергазберажэнні.

Адзін з такіх праектаў, які меў назву “Энергаэфектыўнасць – наша будучыня”,  15 лістапада быў паспяхова рэалізаваны ў Шаркаўшчынскай сярэдняй школе № 2.  Аўтар і вядучая цікавага праекта для школьнікаў, настаўніца біялогіі Аксана Паўлаўна Пачэпка прапанавала вучням 8-11 класаў  падчас правядзення цікавай гульнёвай праграмы пераканацца ў тым, што эфектыўнае выкарыстанне энергіі  і яе эканомія з’яўляюцца ключом для павышэння жыццёвага ўзроўню людзей, захавання навакольнага асяроддзя і нават  стымулам для развіцця эканомікі.

Адкрыты ўрок у Шаркаўшчыне

Падчас практычнай творчай групавой работы каманды “Абаронцаў энергіі” не толькі  прадэманстравалі свае практычныя  веды і   творчыя здольнасці, але і  прыйшлі да высновы, што будучыня чалавецтва – за эканомным выкарыстаннем энергіі і прыродных рэсурсаў. На мерапрыемстве дзеці адказвалі на няпростыя пытанні віктарыны “Энергаэрудыт”, давалі парады наконт таго, як кожны з нас можа эканоміць грашовыя сродкі, рацыянальна выкарыстоўваючы электраэнергію, малявалі  сценгазеты.

Адкрыты ўрок у Шаркаўшчыне

Напрыканцы мерапрыемства гледачам былі прадэманстраваны лепшыя відэаролікі на тэму энергазберажэння. Аўтар аднаго з іх,  Елізавета Сяйко атрымала падарунак ад арганізатараў. Як і вучаніцы школы – пераможцы конкурса плакатаў па энергаэфектыўнасці —  Валерыя Мышко, Ксенія Лук’янёнак, Анастасія Бессякерская і Анастасія Сабалеўская.

Адкрыты ўрок у Шаркаўшчыне

Не так даўно наш Шаркаўшчынскі раён далучыўся да ініцыятывы Еўрапейскага Саюза “Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі”. Яна накіравана на паскарэнне развіцця эканомікі ў многіх гарадах Беларусі, Арменіі, Грузіі, Азербайджана, Малдовы і Украіны. А ў сувязі з тым, што  пытанні атрымання і выкарыстання  энергіі цесна звязаны са станам прыроднага асяроддзя, многімі  эканамічнымі і сацыяльнымі аспектамі  на цікавае мерапрыемства ў Шаркаўшчынскую сярэднюю школу № 2 былі запрошаны прадстаўнікі раённай улады: намеснік старшыні райвыканкама Ірэна Францаўна Бука, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мікалай Мікалаевіч Рубацкі, яго намеснік Кацярына Рыгораўна Міхнёнак , галоўны спецыяліст гэтага аддзела Наталля Анатольеўна Арэшкава, якія і падвялі вынікі конкурснай праграмы.

Прадстаўнікі райвыканкама далі станоўчую ацэнку праекту, які быў паспяхова рэалізаваны ў Шаркаўшчынскай сярэдняй школе № 2 і адзначылі, што прапановы і парады, якія прагучалі ў гэты дзень ад вучняў старэйшых класаў, будуць карыснымі і для дарослага насельніцтва нашага раёна. Пераможцы конкурсаў па энергаэфектыўнасці, якія напярэдадні Міжнароднага дня энергазберажэння  праходзілі ў навучальнай установе, атрымалі падарункі ад  праекта Еўрапейскага саюза "Падтрымка ініцыятывы "Пагадненне мэраў" у Беларусі".

Крыніца: раённая газета "Кліч Радзімы"